АХО́ЦКАЕ МО́РА,
паўзамкнёнае мора Ціхага акіяна, каля ўсх. берагоў Азіі. Пл. 1603 тыс. км², найб. глыб. 3521 м. Узбярэжжа належыць Расіі і Японіі. Ад Ціхага акіяна аддзелена п-вам Камчатка, градой Курыльскіх а-воў і в-вам Хакайда; а-вамі Сахалін і Хакайда аддзелена ад Японскага м., з якім на З і ПдЗ злучана пралівамі Невяльскога і Лаперуза. Берагі пераважна скалістыя. Залівы Шэліхава, Аніва, Цярпення, Сахалінскі і інш. Самыя вял. астравы — Шантарскія. Упадаюць найб. рэкі Амур, Уда, Ахота, Гіжыга, Пенжына. Клімат мусонны, умераных шырот. Зімой пануюць моцныя халодныя вятры, якія дзьмуць з мацерыка, летам — слабыя, цёплыя, паўд.-ўсх. вятры. Т-ра вады летам 1,5—15 °C, зімой -1,8—2 °C. З кастр. да чэрв. амаль усё мора ўкрыта лёдам. Салёнасць 32,8—33,8‰. Прылівы пераважна няправільныя, сутачныя (да 12.9 м). Для Ахоцкага мора характэрна з’ява свячэння вады і лёду. Рыбалоўства (ласосевыя, селядзец, мінтай, камбала, траска, навага, мойва), лоўля крабаў. Па моры праходзяць важныя марскія шляхі, якія злучаюць Уладзівасток з паўн. раёнамі Д. Усходу і Курыльскімі а-вамі. Гал. парты: на мацерыку Магадан, Ахоцк, на в-ве Сахалін Карсакаў, на Курыльскіх а-вах Паўночна-Курыльск.
т. 2, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)